У гутарцы з галоўнай рэдактаркай TUT.BY Марынай Золатавай былая палітзняволеная Марыя Калеснікава заявіла, што бачыць выхадам з сённяшняй цяжкай сітуацыі ў краіне «вяртанне да нармальнасці» — паступовае змяншэнне ціску на грамадства і бізнес і вывад краіны з ізаляцыі. «Гаворка ідзе пра спыненне затрыманняў, прыпыненне дзеяння рэпрэсіўных законаў, пра тое, каб людзі маглі свабодна чытаць навіны, падарожнічаць, весці бізнес і развіваць грамадзянскія ініцыятывы, спакойна вяртацца ў краіну і атрымліваць дакументы за мяжой», — канкрэтызавала Марыя. Яна адзначыла, што многае з той нармальнасці раней існавала за Лукашэнкам і ўлады могуць разумець важнасць гэтага працэсу. Таксама Калеснікава сказала, што ЕС важна ўвайсці ў трэк дыялогу з беларускімі ўладамі: «Калі гэта робіць Амерыка, чаму гэта не можа рабіць ЕС?» На просьбу «Люстэрка» нобелеўскі лаўрэат, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі, які дзесяцігоддзямі назіраў разгортванне рэпрэсіўнай машыны ў Беларусі, паразважаў наконт прапаноў Марыі.
Нармальнасць для мяне — гэта ўся еўрапейская прастора, неад’емнай часткаю якой раней спрадвечна была Беларусь. Цяпер Еўрапейскі саюз, з тымі правамі і свабодамі, якія маюць ягоныя грамадзяне, як ніколі ўтульны для краін, якія ўваходзяць у яго. Ніхто там не замахваецца на тваю асабістую свабоду, на нацыянальную ідэнтычнасць, на культурную адметнасць. І нам трэба прыкласці ўсе намаганні, каб вярнуцца туды. Пра будучае месца беларусаў як еўрапейскага народа вельмі добра і ўпэўнена сказаў нядаўна прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Менавіта за гэта супраць расійскага імперыялізму цяпер змагаецца ўкраінскі народ. Украіна за сваю і нашу свабоду плаціць вельмі высокую цану.
За гады кіравання Лукашэнкі ў Беларусі не было перыяду нармальнасці. Краіна ўвесь гэты час перараблялася ў адзін суцэльны калгас. Калі ж у 2020 годзе беларусы заявілі пра сваё права на «нармальнасць», усе мы былі жорстка пакараныя. Занадта рознае з сённяшнімі ўладамі ў нас разуменне гэтага слова. «Вярнуцца да нармальнасці» ў Беларусі, я лічу, без моцнага ціску звонку не атрымаецца. Галоўнае, што можа прымусіць улады спыніць рэпрэсіі, пераслед — рэальныя санкцыі, якія закранаюць фінансавыя ды іншыя інтарэсы ўладнай групоўкі.
Давайце ўспомнім, як з першых дзён прыходу да ўлады Лукашэнка адразу пачаў ламаць законы, рэабілітаваць сталіншчыну. У 1995 годзе з’явіліся першыя палітычныя зняволеныя. Так, былі лепшыя, спакайнейшыя часы, але яны змяняліся больш жорсткімі і суровымі. Звычайна пагаршэнне звязвалася з прэзідэнцкімі выбарамі, жаданнем прыстасаваць палітычную сістэму краіны пад аднаго чалавека. Але рэпрэсіі былі пастаянна: палітычныя забойствы, уціск апанентаў, палітычныя зняволеныя.
Апошні цыкл увядзення і адмены санкцый з боку ЕС і ЗША быў у 2010−2015 гадах. Тады пазіцыя заходніх краін была даволі яснай і паслядоўнай: спачатку вы (улады) адпускаеце палітычных зняволеных, прыпыняеце рэпрэсіўныя практыкі, і тады мы ў адказ адмяняем санкцыі ды іншыя палітычныя і эканамічныя абмежаванні. У такой паслядоўнасці гэтыя патрабаванні і былі выкананыя.
«Адліга» ў адносінах паміж уладамі і Захадам, якая надышла 10 гадоў таму, пастаянныя візіты еўрапейскіх палітыкаў у Беларусь, трывалыя кантакты з кіраўніцтвам ЕС, ільготны візавы рэжым для беларускіх грамадзян, актыўнае эканамічнае супрацоўніцтва сталі магчымымі толькі пасля адноснай лібералізацыі сітуацыі ў Беларусі і ў грамадскай сферы, і ў бізнесе. Нагадаю толькі адзін прыклад: пасля 2015 года ў Беларусі былі адзінкі палітычных зняволеных. І такая сітуацыя цягнулася да 2020 года.
Якія ёсць прычыны для Еўрасаюза цяпер дзейнічаць не паводле гэтага апрабаванага плану? Да абавязковых вышэйназваных умоў для перамоў і магчымых паслабленняў санкцый з боку ЕС (вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне рэпрэсій) цяпер дадалася найгалоўнейшая ўмова — спыненне падтрымкі Расіі як агрэсара ў вайне з Украінай. Бо гэта ж і было асноўнай прычынай увядзення большасці абмежаванняў. Апошнія вызваленні вялікіх груп палітычных вязняў з прымусовым вывазам за межы краіны не былі б магчымымі без ціску дэмакратычнага свету, без тых самых санкцый.
Нішто не прымусіла б іх так змяніць рыторыку, калі б не цяжкасці ў эканоміцы. Унутраная палітычная сітуацыя ўлады задавальняе, адсутнасць у народа правоў і свабод іх не турбуе, жахлівы ўзровень рэпрэсій абсалютна іх не напружвае. Але санкцыі… Прасядае, як «Тытанік», эканоміка Расіі і цягне за сабою ў вір крызісу і эканамічнай няўстойлівасці эканоміку Беларусі, якая моцна прывязаная да яе. Нават Лукашэнка разумее, што трэба хоць трохі адгрэбці, каб не зацягнула. Таму і спрабуюць тэрмінова аднавіць кантакты і дабіцца адмены санкцый.
Аднак усё гэта пакуль — абяцанкі-цацанкі. Верыць на слова Лукашэнку, які ўжо падманваў міжнародную супольнасць і беларусаў багата разоў, нельга. Махавік рэпрэсій сапраўды раскручаны напоўніцу. У зняволенне трапляюць новыя і новыя людзі. Набор жывога тавару для палітычнага гандлю працягваецца. У камуністычнай ГДР вязняў выпускалі за грошы, у нас — за запчасткі для самалётаў і калійныя солі.
Нішто не кажа пра тое, што Лукашэнка і ягонае найбліжэйшае кола, якое складаецца з сілавікоў і кадэбэшнікаў, якія перайшлі на высокія кіроўныя пасады, сёння гатовыя да сур’ёзных змен у краіне: даць прастору для дзейнасці грамадскіх арганізацый, незалежных ініцыятыў, вярнуць у краіну незалежную журналістыку і палітычны плюралізм. Усе элементы і прыкметы дэмакратычнага грамадства ўлада ўспрымае як пагрозу для адбудаванай Лукашэнкам сістэмы кіравання і як асабістую небяспеку.
Рэжым канчаткова здэградаваў, задзервянеў і аброс мохам. Ні Лукашэнка, ні ягоныя памагатыя не могуць прапанаваць беларусам нічога новага і годнага. Калі раней, у пачатку 2000-х, Лукашэнку сапраўды падтрымлівала значная частка беларускага грамадства, то гэтая эпоха незваротна мінула. Улада вырадзілася ў хунту і трымаецца на міліцэйскіх дручках, рэпрэсіях, на гвалце і страху. Атмасфера хлусні і фальшу ахутала краіну.
У такой сітуацыі цяжка чакаць ад улад рацыянальных дзеянняў. Яны даўно ўжо не думаюць так, як нармальныя людзі, у катэгорыях логікі і сэнсу. Нядаўні сумны досвед Ірана паказвае, што рэжымы такога гатунку, як у Беларусі і ў Расіі, гатовыя страляць у сваіх людзей.
Але гэты адчай улад, поўны недавер да сваіх грамадзян — несумненная прыкмета таго, што рэжым не вечны і рана ці позна абрынецца. Вядома, нам хацелася б, каб гэта адбылося як мага раней. Аднак барацьба за справядлівасць у Беларусі ідзе ўжо трыццаць гадоў. Дарэчы, яна мае свае карані ў ранейшых стагоддзях: у паўстанні Кастуся Каліноўскага, у барацьбе за незалежнасць і за права «людзьмі звацца» ў царскай Расіі, у пачатку ХХ стагоддзя, у Слуцкім паўстанні 1920 года і ў працы беларускіх палітычных партый і культурніцкіх арганізацый у перадваеннай Польшчы, у дзеянні пасляваенных падпольных беларускіх моладзевых арганізацый у Савецкай Беларусі, у моладзевым дэмакратычным руху 80-х гадоў, у тым багатым палітычным жыцці, якое было ў Беларусі да прыходу Лукашэнкі да ўлады.
Мы маем за плячыма вялікую і ўпартую барацьбу мільёнаў беларусаў за сваю свабоду. Мы яе толькі працягваем. Таму здавацца і апускаць галовы нам не выпадае.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.
Чытайце таксама





Алесь Бяляцкі

