Памёр мовазнаўца Уладзімір Куліковіч
24 апреля 2026 в 1777021320
Максим Искрин / «Зеркало»
Адышоў з жыцця мовазнаўца Уладзімір Куліковіч. Пра гэта паведаміў часопіс «Роднае слова».
Уладзіміру Куліковічу было 58 гадоў. Прычына яго смерці не ўдакладняецца.
Імя Уладзіміра Куліковіча добра вядомае філалагічнай супольнасці.
«Для педагогаў краіны ён застанецца нястомным папулярызатарам алімпіяднага руху, чыя асветніцкая праца і плён практычных выданняў яшчэ доўга будуць узорнымі», - адзначыла «Роднае слова».
Уладзімір Куліковіч нарадзіўся ў Ашмянскім раёне. У 1984 годзе скончыў Дакурнішскую сярэднюю школу, у 1991‑м - філалагічны факультэт БДУ, у 1994‑м - аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
З 1991 па 1998 год працаваў выкладчыкам Мінскай сярэдняй спецыялізаванай школы пры БДУ (цяпер Ліцэй БДУ), выкладчыкам кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ. З 1998 па 2007 год быў старшым выкладчыкам, пасля дацэнтам гэтай кафедры. У 2001 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па лінгвістычных поглядах Уладзіміра Дубоўкі, паведамляе «Наша Ніва».
З вясны 2007 года і да восені 2009-га Уладзімір Куліковіч быў галоўным рэдактарам «Роднага слова».
«Сёлета паспелі ўбачыць свет дзве публікацыі з яго аўтарскага цыкла "Міфы і рэальнасць беларускай арфаграфіі", што друкаваўся ўвесь мінулы год», - адзначыў у сваёй публікацыі часопіс.